Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.Цендракова, «Назначэнне» А.Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.Міхалкова паводле М.Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.Шоу (1994), «Тры таварышы» А.Гетмана паводле Э.М.Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.Ахеджакава, А.Вярцінская, В.Гафт, А.Даль, Н.Дарошына, Я.Еўсцігнееў, М.Казакоў, І.Кваша, Т.Лаўрова, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Табакоў, Л.Талмачова, П.Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.Вікцюк, Кваша, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас і інш.